ВО́ІНСКАЯ АПО́ВЕСЦЬ,

жанр стараж.-рус. літаратуры 11—17 ст. — свецкія гіст. творы (арыгінальныя і перакладныя) з апісаннямі ваен. паходаў і бітваў; адзін з відаў аповесці старажытнарускай. Услаўляла адвагу і гераізм, самаахвярную адданасць радзіме. Выдатны ўзор воінскай аповесці 12 ст.«Слова пра паход Ігараў». У 13—14 ст. складаліся аповесці пра гераічную барацьбу ўсх. славян з мангола-татарамі («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.). На Беларусі перакладаліся і творча апрацоўваліся воінскія аповесці візантыйскія («Александрыя»), заходнееўрапейскія («Гісторыя пра Атылу») і рускія («Мамаева пабоішча»), Паступова выпрацаваліся і сталі традыцыйнымі пэўныя сюжэтныя схемы і стылістычныя формулы. Паэтыка воінскіх аповесцей спалучае кніжную літ. традыцыю з рысамі нар. гераічнага эпасу. Паўплывала на рус. і бел. летапісанне, на развіццё гіст. белетрыстыкі ўсх. славян.

Л.Л.Кароткая.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)